Сяргей Прылуцкі

дзяўчына падобная на экскаватар –
яна капае яму а пасля зарывае ў ёй
і калі ты крычыш “за што?!” то ты – аматар
ва ўсіх іншых выпадках ты – супэргерой

спачатку яна патрабуе ўвагі й пяшчоты
не даючы анічога – нават сябе – назамен
яна нібы штольня там безьліч чорнай работы
але ж і ты ўнутры далёка не супэрмэн

дзяўчына не падобная на швайцарскі гадзіньнік
у яе наагул пашкоджаны механізм
але ты без яе ня можаш хаця і цынік
але ж ты кахаеш яе хоць гэта і атавізм

і ў гэтыя хвілі вы – пляшка гарэлкі і колы
вып’еш адну і зьнікае патрэба ў другой
калі ты стаіш перад ёй абсалютна голы
яна мусіць таксама быць чыстаю перад табой

У кадры фройляйн Марлен без убору
ляжыць у скураным купэ; чацьвёра
гераў (гэтаксама без убораў) без разбору –
хто як – бяруцца за Марлен. З Гаморы

ў Садом баварскі электрычка ймчыць.
За звон манэт і шоргат эўра
чаму заўгодна могуць навучыць
апалягеты юру. Паасобку й хеўрай,

з прыладамі і без, нібыта акрабаты, –
Марлен, Вольф, Томас, Гюнтэр, Ганс.
Гучаць з экрану стогны, маты;

рытмічны сэкс уводзіць іх у транс…
О, малады глядач, хаду рукі ўдвая
паскор і ў курчы выкрыкні: “Ja…ja!!!”

Вайна пачалася ўвечары
ніхто й не чакаў такога павароту
на плітах падагравалася вячэра
дзеці даглядалі “Калыханку”
мужчыны моўчкі палілі ў вакно
у чаканьні апошніх навінаў

Вайна пачалася ў нядзелю а ўжо ў панядзелак
па той бок лініі фронту зьвінелі бакалы
стратэгі адзін адному паціскалі рукі
адусюль гучала лёгкая чыстая музыка
і радыё верашчала пра трыюмфальную перамогу

летапісец жывое трагедыі
уключаны ў падзеі
я за ўсім назіраў знутры

Вайна аднак працягвалася
ня гледзячы на паўсюдны фарс
людзі выходзілі з бункераў
няўмела ўзводзілі барыкады
усё што трапляла пад руку
знаходзіла прызначэньне

Вайна была ва ўсіх на вуснах
яна насьцігала цябе ў дарозе
на ранішняй прабежцы ў парку
у чарзе да лекара ў лазьні
на рыбалцы і ўласным вясельлі
але толькі нямногія казалі пра гэта ўголас

Вайна больш падавалася бунтам
знаныя камэнтатары і экспэрты
усе яны былі падобныя на страўсаў
кожны атрымае сваё на ўсю катушку
іхні голас почасту фальшывіў
пераскокваючы на высокую ноту

Вайна была дзіўнай бо вораг
быў невідочным што блытала многіх
паводле хронік падручнікаў фільмаў
ён уяўляся чужынцам захопнікам
з грубымі тварам і мовай
насамрэч усё выйшла складаней
бо вораг аказаўся ўнутры

Іх было шмат нябачных жаўнераў
але ўсіх узначальваў Страх

цяжка змагацца з нечым бясплотным
кнігі па мастацтве войнаў
гавораць пра гэта надзвычай мала
застаецца верыць адно ў сябе

Бо вайна не даруе ваганьняў
яна вымушае браць на сябе адказнасьць
каб калі застанесься адзін у акопе
пры сустрэчы твар у твар зь імі
змагчы не адвесьці вочы

Hopіng for the best,
but expectіng the worst
Are you gonna drop the bomb or not …
Alphavіlle
Ірэне Карпа

Сястра, мы з табою раслі пад штандарам мілосьці.
Спажывалі напоі ня думаючы пра колькасьць.

Мы жылі ў акопах нянавісьці, у джунглях жарсьці.
Мы любілі мінулае зьнішчыць, а потым скласьці.

Мы трымалі самоту ў клетцы са злосьцю разам.
Мы разьнесьлі па безьлічы вёсак і гарадоў заразу

лёгкадумнай свабоды. Мы клялі мяшчанскія норы.
Мы ня ведалі меры, бо ў сэрцы шумела мора

нерастрачанай дзікай пяшчоты. Сястра, мы сталі
чым і хацелі стаць – засечкамі на забрале

у бяздарных кіхотаў, у патасных ідыётаў.
Нам для бунту былі без патрэбы гарматы і роты.

Так, жыцьцё назьбірала ў кошык сумніўных рэчаў.
Так, мы ведаем зараз, што час можа адно калечыць.

Нам, сястра, толькі зараз адкрылася трэцяе вока:
да перамогі – паўкроку, і гэта цяпер – далёка.

Жанчыны чытаюць “Алесю” і “Vogue”.
Мужчыны віно распіваюць на трох.
Сабака на сучку юрліва налёг
і прагна яе дзяўбе.
Плыве цэпелін, а на ім сядзіць Бог,
стары селянін расьцярушвае стог,
рабочы ад моцных нагрузак падох,
а я кахаю цябе.

У барах марціні, ікра, казыно,
па тэлеку збольшага круцяць лайно,
Кусто ў батыскафе дасьледуе дно,
музыка гудзе на трубе.
Вяртаюцца ў моду панамы й трыко,
на працы за шкоднасьць даюць малако,
сьлязу выцірае ўдавіца рукой,
а я кахаю цябе.

Адзін у дэпрэсіі п’е “Валідол”,
другая зьмяніла фрызуру і пол,
у трэцяга жарсьць – беларускі футбол,
чацьверты зьяжджае з эРБэ.
У пятага – лецішча, шосты – памёр,
у сёмага з восьмым шыза наконт гор,
дзявяты цалуе хлапцоў, бо – мажор,
а я кахаю цябе.

Ўвесь сьвет заклапочаны кожны сваім:
і кухар, і псіх, і настаўнік, і мім –
у кожнага ў сэрцы свой цёмны сім-сім.
І большасьць любіць сябе.
Банкіры ахоўваюць "бабкі" свае,
а бабкі бароняць бутэлькі свае,
і ўсе тут свае, і на ўсіх не стае,
і я - кахаю цябе.

Яны пазнаёміліся ў інтэрнэце:
яна западала на По й Фэрлінгеці,
любіла кароткія стрыжкі й спагэці –
і ён павёўся на гэты мікс.
Іх лёгкі флірт перарос у нешта,
што апісаў яшчэ Байран і рэшта.
Ні на каго не зважалі й канешне ж
клалі на тое што будзе пасля.

Жыцьцё пралятала даўгім лімузінам
па трасе іх лёсаў, чорным бэнзынам
палала каханьне ў душы, што бяз спыну
імчала за прывідны небакрай.
Няраз уцякалі з бацькоўскае клеткі
пакуль іх школьныя адналеткі
стваралі ілюзію шчасьця ды зрэдку
глядзелі зайздросьліва ў іхны бок.

Яны былі парай, гарачаю парай
у паравозе адчаю, дзе мары –
найлепшае паліва й сьвет ва ўгары
лабае імкліва-шалёны біт.
Адзін аднаго вывучалі як карту
на геаграфіі, каардынаты
важнейшых мясьцінаў шукаючы ўпарта
калі ў адпачынак з’яжжалі бацькі.

Былі быццам музыка «Радыёхэду».
Ўбіралі ў сябе адмысловыя веды,
у Білі Бэроўза і Кастанэды
спраўджаючы свой сінтэтычны рай.
Да ранку сядзелі на ускраінах дахаў
лічылі, бы пацеркі, ўласныя страхі,
і вецер прыносіў няісныя пахі
з краінаў якіх не было і няма.

І вось аднойчы прыйшла паштоўка
ад сябра з Рыму, пісаў: «Сяброўка,
ад суму дохну! Зьбірай тусоўку
і аўтаспынам кіруй сюды!»
Вандроўка выйшла суцэльным трыпам:
іх падабрала сямейка хіпі.
Пранесьліся зь імі па ўсёй Эўропе
дрэйфуючы са сквоту ў сквот.

Чужыя краіны – суцэльны лас-вэгас:
там граеш ва-банк, закладаючы эпас
уласных афёр і дзівацтваў, каб херэс
жыцьця не зрабіўся вадой.
Спачатку ішло ўсё нібы па сцэнары:
абчысьціўшы касу ва ўроцлаўскім бары
рванулі ў нутро кантынэнту, дзе ў стара –
імпэрскай сталіцы ўзялі Гранд Палас.

А потым былі скандынаўскія ф’ёрды.
Купіўшы пад Осла старэнькага «Форда»
ў рыбарскай правінцыі некалькі содняў
жылі як ніколі яшчэ не жылі.
Ім сонца блішчэла халоднаю рыбай.
Ўзьбярэжжам хадзілі анёлы – іх німбы
сьвяціліся ў мяккім сутоньні нібы
малыя рухомыя маякі.

Яны толькі ў Рыме ўвайшлі ў фазу
напраўду дзікага трансу й джазу –
іх сябра адкінуўся ад перадозу
і ўсе наклаліся хто як мог.
Нонстоп ужывалі таблеткі й траўку,
штодня распадаючыся на кавалкі,
забіўшы на ночы, на дні і на ранкі,
бо смутак хвалямі біў цераз край.

Калі не трымае не сьвеце нічога,
ты дзёрзка гуляеш у д’ябла і бога.
Яны разумелі што кайф ненадоўга,
ды хуткая лепш за павольную сьмерць.
Узыход раскрываў свой чырвоны веер
калі на сустрэчнай ўляцелі ў трэйлер.
Напэўна і іхні нябесны Геймер
стаміўся ад гэтай гульні.

Сьпяць сузор’і ў задыяку,
cьпяць гароды і заводы,
сьветліць месяц круглай сракай
навакольную прыроду.
Дрэваў мяккія абрысы,
крыку адзінокі сполах...
Бы ў пятлі, павук павіснуў
рыхтык на малюнках школьных...
І ў такі адчай кідае,
у такі накдаўн глыбокі,
што жывеш у гэтым краі
гультаём і абібокам,
што няма ў табе геройства
і духоўнага пачатку,
што ня прагнеш волі мноства
аддавацца без астатку.
Там – будоўлі ды гадоўлі,
вэрхал корманарыхтовак,
дні сьвяточнае сваволі,
ночы доўгіх панажовак.
Там усё, а тут нічога,
там плады, а тут абломы –
ой, ты, genіus убогі,
эх, вы, гены-храмасомы!
Так і пражыву бязмэтна
бескарысным маргіналам,
разьліковым дзяржбілетам
нулявога наміналу.
Бо ўнутры ня боль-маркота,
не зьняверанасьці тля –
пруць знутры няспынна ноты:
умца-умца, гоп-ля-ля,
ад якіх ніяк ня сьпіцца;
ты вярэдзісься пад коўдрай,
і Марфэй, нібы лісіца,
пранікае ў мозг употай.

палячы ўвечары на балконе
зь відам на задні двор прадуктовае крамы
ня думаеш ні пра што
проста назіраеш як каты
нібы злыя духі
б’юцца ля сьметніцы
за кавалак лівернай кілбасы
а рабочы электралямпавага заводу
выпіўшы за шапікам фаўст пладовага
нясе дахаты мех цыбулі
каб парадаваць жонку
каб жонка ня біла
каб жонка хаця б любіла
калі ўжо каханьне
20 гадоў як паслала іх абох падалей

а на лаўцы за домам
пад гітарны бой
дзяўчаты робяць мінет
а пацаны згадваюць Лёху з раёну
і помста сьпее пад іхнімі
чорнымі курткамі

дапаліўшы цыгарэту ідзеш на кухню
п’еш малако
і чуеш як сусед зьверху
твой школьны ваенрук
б’е жонку галавой аб кафель

і што б ні казалі
апосталы бацькі альбо твой участковы
забудзь усе запаведзі
і пастарайся палюбіць
гэты кашмар